Дабрачынная акцыя “Малюем веды” ў Гароднi

У гарадзенскім Парку імя Жылібэра адбылася дабрачынная акцыя “Малюем веды”, арганізаваная Гарадзенскім дзіцячым хоспісам сумесна з Гарадзенскай Епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, Гарадзенскім Дзяржаўным Універсітэтам імя Янкі Купалы ды Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Як паведаміла дырэктарка Гарадзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Шульга, мэта акцыі – прыцягнуць увагу да праблемы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ды асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця:

— Гэта вельмі важна ня толькі для гэтых дзяцей ды іх бацькоў, але і для ўсяго нашага грамадства. З другога боку мы хацелі, каб адбылася інтэграцыя паміж дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі і дзецьмі, якія гуляюць тут у парку ды проста стварыць атмасферу свята перад новым навучальным годам…

На пачатак новага навучальнага году каталіцкі святар айцер Тадэвуш і праваслаўны айцец Яўген адправілі малебен, а завітаўшыя на свята дзеці прынялі ўдзел у конкурсе малюнка, караоке-клубе, паўдзельнічалі ў тэатралізаваным прадстаўленні ды пагулялі з казачнымі персанажамі.

Оставить комментарий