Напад на таксіста ў Гродне

Двое маладзёнаў напалі ўчора ў Гродне на 56-гадовага таксіста. Пад пагрозай нажа той вымушаны быў аддаць тым мабільны тэлефон і 50 тыс. рублёў.

Як паведаміў «Твайму стылю» начальнік прэс-службы Ўпраўлення ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкама Георгій Еўчар, здарэнне адбылося 9 верасня каля трох гадзін раніцы ў двары аднаго з дамоў па вул. Пушкіна.

Пакуль таксіст паведаміў пра здарэнне ў міліцыю, рабаўнікі паспелі забегчы дахаты ды перапрануцца, каб зноў выйсці на вуліцу.

Праз паўтары гадзіны на вул. Горкага іх затрымаў нарад міліцыі. Хлопцы не прызнаваліся ў здзяйсненні злачынства аж да моманту, пакуль ў іх кватэры не знайшлі скрадзены тэлефон ды вопратку, у якой тыя выходзілі на «справу». Цяпер ім пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Сёлета гэта ўжо не першы выпадак нападу на гарадзенскіх таксістаў.

У сакавіку двое п’яных маладзёнаў таксама з выкарыстаннем нажа забралі грошы і мабільнік у кіроўцы, а яго самога закінулі ў багажнік ды гадзіну вазілі па вуліцах, разважаючы, пакінуць сведку ў жывых альбо не. І ў тым выпадку гарадзенская міліцыя спрацавала бездакорна, аператыўна затрымаўшы злачынцаў.

Оставить комментарий